РЫБАПРАПУСКНЫ́Я ЗБУДАВА́ННІ,

комплекс гідратэхн. збудаванняў для пропуску рыбы цераз плаціны, гідравузлы і інш. перашкоды на рэках, асабліва ў час яе міграцый на нераст. Выбар тыпу Р.з. залежыць ад відаў рыб, напору вады ў гідравузле, скорасці цячэння, ваганняў гарызонту вады. Да Р.з. адносяцца рыбаходы, рыбаходныя шлюзы, рыбапад’ёмнікі.

Па рыбаходах (абхадных, стаўных, латаковых, лесвічных каналах) і рыбаходных шлюзах рыба пераадольвае напор вады і перашкоды самастойна. Рыбаходныя шлюзы маюць рыбаназапашвальнікі і дзейнічаюць паводле прынцыпу суднаходных шлюзаў. Рыбапад’ёмнікі транспартуюць рыбу ў перасоўнай напоўненай камеры ці ў спец. сетцы.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)